БЛАКА́ДА НАВАКАІ́НАВАЯ,

метад абязбольвання, які грунтуецца на часовым выключэнні праводнасці болевых імпульсаў па перыферычнай нерв. сістэме і на ўздзеянні навакаіну на рэгулятарныя функцыі ц. н. с. Праводзяць блакаду навакаінавую 0,25—0,5%-ным растворам навакаіну. Слабыя растворы навакаіну здымаюць боль і лечаць. Блакаду навакаінавую выкарыстоўваюць адпаведна характару захворвання. Напр., кароткую блакаду навакаінавую робяць на першай стадыі вострых запаленчых працэсаў (абсцэсы і флегмоны), пры лячэнні ран. Цыркулярная блакада навакаінавая выкарыстоўваецца пры лячэнні ран, гнойных і асептычных запаленняў, адмаражэнняў, укусаў змей у вобласці канечнасцяў. Надплеўральную блакаду навакаінавую робяць пры хваробах органаў брушной і тазавай поласцяў (перытаніты, гастраэнтэрыты, колікі, халецыстыты, выпадзенне маткі), пры хваробах тазавых канечнасцяў і ў пасляаперацыйны перыяд пры хірург. умяшаннях на органах брушной поласці. Паранефральная блакада навакаінавая ўжываецца ў тых жа выпадках, што і надплеўральная.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)